Из истории школы

01.09.2022

Школа ёсць у жыцці кожнага чалавека,  і   школьныя гады, школьныя сябры і настаўнікі  застаюцца ў памяці назаўсёды. Усе мы родам з дзяцінства… А  там школа,  першыя пяцёркі і першыя слёзы над старонкай сшытка, дзе ніяк не атрымліваюцца палачкі і кручочкі.  Там  першае каханнне і ўзнёслыя словы прызнання, там расчараванні і  мары пра вялікі свет. У школе ў цябе  яшчэ ўсё наперадзе!  Школа—стартавая пляцоўка для вялікіх здзяйсненняў, яна помніць і шануе ўсіх, хто калісьці быў у яе сценах. Невыпадкова нашы выпускнікі, сённяшнія школьнікі і наведвальнікі музея  з цікавасцю і задавальненнем праглядаюць альбом з фотаздымкамі ўсіх выпускаў. Для школы кожны з  выпускнікоў—старонка яе гісторыі, і кожная з гэтых старонак непаўторная і адзіная. Для школьных настаўнікаў перамогі і здзяйсненні іх вучняў—гэта  і іх здзяйсненні і перамогі.

А вясковая школа – гэта не проста школа, гэта штосьці большае, гэта цэнтр жыцця, дзе ўсе навідавоку, дзе ўсе пра ўсіх усё ведаюць. Тут нельга схлусіць, нельга прытварыцца, тут цябе ведаюць, прыйдуць на дапамогу і зразумеюць, і ты тут патрэбны, бо ты на сваёй зямлі.

  Успамінаюцца радкі з верша:

 

І выкладаць прадмет вы здольныя.

І на ігрышчы цараваць,

І пляшку асушыць супольную,

І вершы пакрытыкаваць…

 

 Хоць не былі ў сталіцы даўненька,

Пра ўсё вы чулі навакол.

Правінцыяльныя настаўнікі—

Сумленне беларускіх школ…

 

Гісторыя вясковай школы неразрыўна звязана з гісторыяй мясцовасці, і гэта  невыпадкова:  пакуль існуе школа - існуе вёска.

       

Крупава – адно з найстаражытнейшых паселішчаў Лідчыны.  Сваю назву вёска атрымала  ад рачулкі Крупкі,што ўпадае ў Дзітву.

Беларускія тапанімісты (Жучкевіч, Юрэвіч) лічаць, што рака Крупка паходзіць ад назвы расліны з сям’і крыжакветных – крупка.

 Крупкі пралескавая, стэпавая і сібірская растуць на сухіх лугах, на ўзгорках, на схілах, на папарах. З-за мноства гэтай расліны рэчку назвалі Крупкай, вёску Крупа, а затым Крупава.

Крупка (draba), род адна і шматгадовых раслін сям’і крыжакветных. Вядома 400 відаў. На Беларусі - 3. На Беларусі найбольш пашырана крупка пралескавая, расце як пустазелле на палях і сухіх лугах.

Вядома мноства паселішчаў у краіне з падобнымі назвамі: Крупейкі, Крупіца, Крупкі, Круплі, Крупня, Крупля, Крупскі, Круповічы, Крупішчы і г. д. У горадзе Ліда і на Лідчыне шырока выкарыстоўваюцца прозвішчы Крупа, Крупіца. Існуюць і другія версіі. Назва вёскі магла паходзіць як ад звычайных круп, так і прозвішча чалавека. Пра крупы і Крупу з XVII стагоддзя вядома цікавае чатырохрадкоўе, складзенае езуітам Войцахам Інесам, якое дазваляе вылучыць гэтыя просценькія версіі.

 

 

Наш Ягело збіл кжыжакі,

І тэн Крупа хцэ быць такі.

Дармо сушыш мозг нябожэ,

Крупа ядлем быць не можа.

 

Датай заснавання Крупава лічыцца сярэдзіна XV стагоддзя. Па звестках Тадэвуша Нарбута ў 1450 г. тут быў заснаваны касцёл. Гэта быў адзін з самых ранніх касцёлаў на Лідчыне. Па звестках Балінскага ў 1336 г. ў Ліду з Польшчы прыбылі прапаведаваць “веру Хрыстову” францысканцы. У 1387 г. яны заснавалі у Лідзе адзін з першых касцёлаў на Беларусі. Другім быў пабудаваны касцёл у Шчучыне (1436 г.), трэцім - у Крупаве (1460 г.).

Калі ўлічваць тое, што ў Жалудку, Тракелях, Няцечы, Жырмунах, Ішчальне, Белагрудзе, Мінойтах, Ражанцы, Ляцку, Ельні, Новым-Двары, Ваверцы, Германішках, Беліцы касцелаў яшчэ не было, то можна зрабіць вывад, што паселішча Крупава было не маленькім, а даволі значным. Безумоўна, сказваецца яшчэ і блізасць горада. Каталіцызм пашыраўся тэрытарыяльна і жыхары Крупава адныя з першых прызналі гэтую веру. Праз 150 гадоў сюды прыязджаў ксёндз Юшынскі з Ліды праводзіць службу, які меў званне пробашча Лідскага і Крупаўскага.

Паселішча Крупа (Krupa) абазначана на карце Макоўскага 1613 г. выдання, яно выразна відаць таксама на фрагменце карты, выдадзенай М. Хрыстафорам Радзівілам у 1613 г.

Паводле даследаванняў старажытных паселішчаў Лідчыны з XVII стагоддзя Крупой валодалі Шукевічы і Нарбуты. Ёсць звесткі аб тым, што ў Крупе ў 1738 г. нарадзіўся Даніэль Нарбут.  У 1762 г.  Ян Кербедж (Кярбецкі)  завяшчаў 7 тысяч злотых у доўг наследнікам памесця Крупа Нарбутам з той умовай, каб 3 разы ў год два манахі-піяры прыязджалі ў Крупаўскі касцёл служыць імшу. У 1851 г. ксяндзом Кавалеўскім філіяльная старая капліца была абшыта дошкамі. У I палове XIX стагоддзя фальваркам уладарыў Казарын герба Касцеша, дворам - Яхоўскі герба Окша, землямі – Адамовічы герба Ляліва, Рачко герба Ворня, Шышкевічы  герба Слепаўрон, Шукевічы.  У 1880 г. тут налічвалася 11 двароў, 114 жыхароў. У маёнтку Крупа была фамільная драўляная капліца, якая належала  Фаме Шукевічу, старая, гонтам крытая, з башняй, з трыма алтарамі: Святой Троіцы, прасвятой Багародзіцы, Святога Іосіфа. Там было падсвечнікаў - 8, рыз - 3, сігнатурка, званочак у 2 фунты.

Адпаведна поўнага спісу населеных месц з статыстычнымі данымі аб кожным пасяленні Віленскай губерні, састаўленага па афіцыйных звестках У.І. Гашкевічам, выдадзеных у Вільні 1905 г., дакладна вядома, што ў пачатку XXстагоддзя было дзве  Крупы. Першая і Другая, у іх жыло 235 чалавек, якія валодалі 251 дзесяцінай зямлі. Побач у маёнтку Крупа, які належыў Шукевічам, жыў 21 чалавек (12 мужчын, 9 жанчын). За маёнткам лічылася 400 дзесяцін зямлі.

Паводле перапісу, праведзенага 30 верасня 1921 г, у Крупаве жыло 156 жыхароў ў 30 жылых дамах і ў фальварку - 42 жыхары ў 7 жылых дамах.

Цікава адзначыць яшчэ і тое, што праз Крупава праходзіў на той час адзін з важнейшых прамых трактаў, які вёў з Вільні на Гродна. Праходзіў ён праз Вялікае Сяло, Крупава каля Заполля,  Дайнавы і Кульбак і выходзіў на Мыто, дзе затым злучаўся з трактам Ліда – Гродна. Той хто ехаў альбо ішоў па гэтаму тракту, значна скарачаў дарогу і   выйграваў у часе, бо, мінаючы Ліду, выкідваў    значны адрэзак шляху ў напрамку на Гродна. Аб гэтым не раз расказвалі мясцовыя старажылы, паказваючы месца, дзе ён  праходзіў.

У апошняй чвэрці XIX стагоддзя (1896 г.) тут была адкрыта школа царкоўнай граматы, настаўнікам быў Аляксей Зыйко, які вучыў 7 хлопчыкаў і 1 дзяўчынку.

Добра вядома, што пачатковая польская школа існавала да 1939 г. і ў вёсцы Крупава. Размяшчалася яна ў будынку, які захаваўся і да нашых часоў.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Усходняй тут была створана пачатковая савецкая школа. Першай настаўніцай у ёй была Келбас Ванда. У перыяд нямецкай акупацыі школа працягвала работу. Настаўніцай у ёй працавала Багачэўская Марыя.

У 1947 г. Крупаўская пачатковая школа была перайменавана ў сямігодку. Першым дырэктарам яе быў Сянько Адам Сцяпанавіч, затым Глінскі Уладзімір Фёдаравіч, Петракова Валянціна Іосіфаўна, Янева Марыя Іосіфаўна.    

У 1962 г. Крупаўская сямігодка становіццаца васьмігадовай. Школе быў перададзены будынак, дзе пазней размяшчаўся сельскі Савет, а цяпер пражывае ксёндз, які служыць у Крупаўскім касцёле.

 

 

 

Дырэктарам яе працавала Кажанова Марыя Зіноўеўна, затым Лісіца Расціслаў Іванавіч.

Папаўнялася матэрыяльная база школы, так за 1964/1965 навучальны год было набыта наглядных дапаможнікаў на суму 400 рублёў, літаратуры для бібліятэкі на 100 рублёў. У школе дзейнічалі піянерская і камсамольская арганізацыі, дзейнасць дзіцячых арганізацый накіроўвалі класныя кіраўнікі Макрэцкая А.І., Шумская В.В., Вароніна Т.В., Савіцкая Т.Ф.Працавала вячэрняя школа для дарослага насельніцтва, педагогі выступаліперад насельніцтвам з лекцыямі і канцэртамі.

У 1960 г. у школе працавалі 8 настаўнікаў, сярод якіх усяго 2 былі з вышэйшай адукацыяй.

У 1966 г. у адпаведнасці з рашэннем Лідскага раённага Савета дэпутатаў працоўных пачалося будаўніцтва новага будынка Крупаўскай сярэдняй школы.

У 1968 г. у сувязі з рэарганізацыяй Запольскай сярэдняй школы ў пачатковую на базе Крупаўскай васьмігадовай школы адкрылася сярэдняя. Першым дырэктарам яе быў Вільбік Іван Іванавіч.

У першай палове 70-х гадоў адбываецца пераход школы на кабінетную сістэму, за што педкалектыў быў узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі БССР.

У 1968 г. тут працавала 17 настаўнікаў, з якіх усяго 7 мелі вышэйшую адукацыю.

Змяніўся колькасны састаў вучняў. Калі ў 1968/1969 навучальным годзе было 190 вучняў, то ў 1982/1983 - 289.

Канец 80-х гадоў, пачатак 90-х азнаменаваўся вялікай работай па пераабсталяванню кабінетаў і ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.

У 2008 г. ёй споўнілася 40 гадоў. Гэтую дату школа сустрэла па-сапраўднаму маладой і абноўленай, па праграме “Аграгарадок” праведзена рэканструкцыя школы.

У лютым 2018 г. Крупаўская сярэдняя школа адсвяткавала свае 50-цігоддзе.

Ещё в этом разделе